«У дрымучых лясах»

- 3 -
Harry Games

— Дальбог, маці, не прытвараюся. Я вельмі баюся… Не пакідай мяне аднаго ў лесе… Мяне з'ядуць ваўкі.

Я пачынаю горка плакаць. Я ў сэрцы каюся, што дома свавольнічаў і часта наўмысне кашляў.

— Ды што ты, сынок мой… Што ты, родны… Ты ж глупства пляцеш. Я ж цябе ніколі не пакіну. Ніколі!

Яна туліць мяне да сябе і плача разам са мною. Бярэ мяне на рукі і нясе далей. Яна доўга ўсхліпвае…

Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Я думаю, што яны шэпчуць замову супроць майго кашлю. Па шурпатых дрэвах цячэ жывіца. Я ўпэўнены, што гэта дрэвы плачуць над горам маёй маткі. Мне становіцца шкада яе. Яна так пакутуе, гаротная, з-за мяне, з-за майго кашлю. Пастараюся больш ніколі не кашляць. Нават, калі захочацца кашляць, я сцісну зубы так моцна, што задушу свой кашаль. Задушу, як гадзюку. Мне гэты спосаб лячэння пачынае падабацца. Стрымаю свой кашаль, не выпушчу яго з рота. Але ў гэтую ж хвіліну я так закашляўся, што прыйшлося мне пакінуць на ўзвей-вецер такое цікавае адкрыццё ў медыцыне…

Пасля дзвюх гадзін хадзьбы і адпачынкаў мы набліжаемся да татарскага хутара. На нас нападаюць вялізныя, як ваўкі, сабакі. Я войкаю ад страху. Чорны, як сажа, хударлявы дзяцюк адганяе сабак. Мы ўваходзім у багатую чыстую хату татарына Мунькі. У яго чорныя вочы, сівая барада і чырвоная ярмолка на голенай галаве. На ім доўгі паркалёвы ў палоскі халат. Такі цікавы выгляд чалавека ўнушае давер'е. Пачынаю верыць, што ён мяне вылечыць.

Маці падрабязна апавядае Муньку пра маю хваробу. Ён цярпліва слухае і ківае галавой. Пры гэтым ён адрэзвае лустку хлеба, намазвае на яе тонкі слой масла, раскрывае на стале тоўстую кнігу ў скураным пераплёце і доўга перагортвае лісты, пільна шукаючы нешта вачыма. Урэшце дастае з халата іголку і пачынае перапісваць іголкай на масле нейкія значкі з кнігі.

Дома я глытаў мудрасці татарскай кнігі «Кітаб» на хлебе з маслам. Не дапамог і «Кітаб».

Паўгода я быў матчынай нядоляй: кашляў, кашляў і кашляў.

. . . . . . . . . .

- 3 -